Свята здароўя і спорту

19.09.2016

Свята здароўя і спорту

прайшло ў мінулую пятніцу ў Рубельскай сярэдняй школе. Папярэднічаў святу цэлы Тыдзень здароўя, на працягу якога дзеці змаглі не толькі паўдзельнічаць у розных спаборніцтвах, але і паглядзець відэафільмы пра знакамітых беларускіх алімпійцаў.

  І вось раніца пятніцы. Гучаць вядомыя мелодыі пра спорт. У школьных класах і карыдорах – сапраўдны спартыўны настрой. Пасля заканчэння ўрокаў усе сабраліся ў цэнтральным двары школы на спартыўную лінейку.

Гучаць  фанфары. Выходзяць вядучыя Агіевіч Марыя і Філановіч Наталля, якія віншуюць усіх са святам здароўя і спорту, нагадваюць некаторыя звесткі з гісторыі беларускага спартыўнага руху. На лінейку запрашаюцца 9 каманд з 8-га па 11-ы класы і суддзі спаборніцтваў, якія выходзяць пад апладысменты школьнікаў і настаўнікаў. Пад алімпійскі гімн юныя акрабаты-- сёстры Пашкевіч Аліна і Ілона, Пашкевіч Ксенія і Котка Ксенія – у нацыянальных касцюмах выносяць алімпійскі сцяг. Капітаны каманд-удзельніц пад гімн Рэспублікі Беларусь паднімаюць сцяг Беларусі. Усё гэта надавала ўсяму мерапрыемству святочнасці і нейкай радасці. Але сапраўдная святочнасць ахапіла ўсіх, калі лепшая спартсменка школы  Сотнікава Алёна вынесла факел з алімпійскім агнем, пранесла яго па лінейцы і, ганарова  падняўшыся па прыступках, запаліла яго ў вялікай  чашы. Свята аб’яўлена адкрытым. Урачыста прагучала клятва ўдзельнікаў  і суддзяў.

  Кожнай камандзе выдадзены пуцявы ліст з накірункам пэўнай спартыўнай станцыі, дзе іх чакалі суддзі, ролю якіх выконвалі не толькі настаўнікі фізкультуры, але і настаўнікі-прадметнікі.

  Свята настолькі было цікавым і захапляльным, што нават настаўнікі вырашылі праверыць сябе ў некаторых відах: у гнуткасці, дарцы.І хоць многія адносіліся да правядзення такога мерапрыемства з некаторым недаверам і сумненнем, хочацца адзначыць, што вочы дзяцей гарэлі ад задавальнення і радасці сапраўднымі агеньчыкамі алімпійскага агню.